Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

12.12.2018

Вераску - 40. Як у Ганцавічах гадуюць будучых паэтаў

Ужо 40 гадоў на базе раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці дзейнічае літаратурнае аб`яднанне «Верасок», удзельнікамі якога з`яўляюцца юныя паэты Ганцаўшчыны.

А бярэ свой пачатак гэтае аб`яднанне ў далёкім 1978 годзе. Першым кіраўніком аб`яднання была Паляшчук Вера Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Востраўскай сярэдняй школы, выдатнік народнай адукацыі БССР, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь,чалавек, прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы, Бацькаўшчыны, якая пісала вершы і аб`яднала вакол сябе прыхільнікаў паэзіі. Дзякуючы Веры Уладзіміраўне Паляшчук літаратурнае аб`яднанне «Верасок» Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці ў 1996 годзе атрымала ганаровае званне «Узорны».

На жаль, Веры Уладзіміраўны ў 2006 годзе не стала, але яе «Верасок»  жыве і сёння. Пэўна,  няма чалавека, у  сэрцы  якога хтосьці не пакінуў бы добры след. Мне ў жыцці пашчасціла сустрэцца з Верай Уладзіміраўнай Паляшчук  у той далёкі 1986 год на раённым пасяджэнні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. І з гэтага года мы сустракаліся  вельмі часта. Чым уразіла пры першай сустрэчы Вера Уладзіміраўна? А тым, што пасля заканчэння пасяджэння яна адразу склала  цудоўны верш пра нашу сустрэчу. Пасля Вера Уладзіміраўна прысвяціла  верш нам, сваім калегам, настаўнікам роднай мовы. Радкі якога я помню і зараз:

Даверам Вашым даражу,

Спагадай Вашай і пяшчотай.

Я з гэтым усім даўно жыву,

Дзялюся радасцю і самотай. 

Жыццё маё на існаванне

Без Вас падобнае было б.

Нібы агеньчык у тумане,

Я бачу Вашае святло.

Ёсць людзі, пра якіх кажуць:  «Таленавіты чалавек». Дык вось пра Веру Уладзіміраўну так сказаць мала. Яна не проста таленавіты  чалавек. Гэта настаўнік-прафесіянал, які  свой талент і любоў да роднай мовы перадавала сваім вучням і выгадавала  не адно пакаленне настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. А сваім  паэтычным  словам Вера Уладзіміраўна захапіла  юных паэтаў, стварыўшы ў тым далёкім 1978 годзе літаратурнае аб`яднанне «Верасок»,  якое  жыве і сёння. Таму пратаптанай ёю ў паэзію  сцяжынкай  ёсць каму ісці і сёння. Насенне, якое яна пасеяла, прарастае.

Дык якая ж яна, Вера Уладзіміраўна Паляшчук?

Настаўнік ад бога, паэтка-рамантык, вершы якой, акрыленыя  чысцінёй і мудрасцю, жывуць і будуць  жыць у сэрцах  яе вучняў і людзей,  у якіх Вера Уладзіміраўна пакінула добры след.

\Работа літаратурнага аб`яднання не абмяжоўваецца толькі напісаннем вершаў. Яны ўдзельнічаюць у розных паэтычных конкурсах  раённага,  абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, сустракаюцца з пісьменнікамі, прымаюць удзел у мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне. Вераскоўцамі сабраны багаты матэрыял аб Веры Уладзіміраўне Паляшчук і жыццёвым і творчым шляху літаратараў Ганцаўшчыны. Акрамя гэтага, удзельнікі літаратурнага аб`яднання «Верасок» двойчы былі героямі  Брэсцкай абласной праграмы «Край» з Міколам Пракаповічам.

Штогод вераскоўцы выдаюць зборнік сваіх вершаў, тэматыка якіх разнастайная. Кожны радок вершаў прасякнуты чыстымі пачуццямі. Чытаючы вершы «вераскоўцаў», захапляешся іх мілагучнасцю. Таму што рабяты ўкладваюць у  верш часцінку сябе, сваёй душы. Многія вершы вераскоўцаў пакладзены на музыку і гэтыя цудоўныя песні ўжо неаднойчы гучалі на раённых святах і вечарынах.  Яны перыядычна друкуюцца ў раённай i абласной газетах, часопісах «Вясёлка» і «Маладосць».

Вераскоўцы, здавалася б, нічым не адрозніваюцца ад іншых школьнікаў, але  праз свае вершы яны  адлюстроўваюць любоў да малой радзімы.

І зусім не важна, што сярод  некалькіх пакаленняў гурткоўцаў няма прафесійных паэтаў. Затое ёсць настаўнікі і проста добрыя людзі, якія любяць сваю радзіму, свой родны дом, сваіх родных і школу. І гэта самае  галоўнае.

 

Валянціна Мурашка,

педагог дадатковай адукацыi ДУА

«Ганцавцкi раённы цэнтр  дзiцячай i юнацкай творчасцi».