Незабыўныя ўражанні і ўспаміны пакінула пасля сябе вандроўка Яўгеніі Пракапчук, удзельніцы ўзорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ і яе кіраўніцы Галіны Пупач ва Ўкраіну, горад Львоў, дзе 17-19 мая ладзіліся Дні беларускай і шведскай літаратуры.
Семінары, літаратурна-музычныя вечарыны праходзілі з удзелам сучасных літаратараў са Швецыі, беларускіх і берасцейскіх пісьменнікаў і паэтаў. Большая палова мерапрыемстваў праходзіла пад дахам старога, утульнага Львоўскага экадэмічнага тэатра імя Лэся Курбаса. У рамках літаратурных дзён быў арганізаваны “Свабодны мікрафон”, які дазволіў кожнаму з удзельнікаў прачытаць свой любімы верш па-беларуску. У яго рабоце ўдзельнічала і Яўгенія. Яна чытала свой верш “ Мова”, а таксама паэзію любімага паэта Алеся Каско. На літаратурна-музычнай вечарыне дзяўчына яшчэ раз чытала свой верш “Адзіноту”, які і прынёс ёй перамогу ў вобласці сярод юных талентаў краю. Цішыня, удумлівыя і неабыякавыя погляды людзей былі падцверджаннем таго, што паэтычная творчасць дзяўчыны па-праву прызнана на Берасцейшчыне лепшый.
У ходзе Дзён беларускай і шведскай літаратуры была магчымасць пазнаёміцца з горадам, яго адметнымі , гістарычнымі мясцінамі. Сумнай і шчымлівай атрымалася сустрэча з Нацыянальным музеем – мемарыялам ахвярам акупацыйных рэжымаў Другой Сусветнай вайны. Трапілі госці літаратурнай вандроўкі на Львоўскі міжнародны дзіцячы фестываль, дзе праходзілі кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатралізаваныя прадстаўленні, выступленні лялечнага тэатра, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі і г.д.
Усе тры дні з вуснаў шведскіх і беларускіх пісьменнікаў, спевакоў, перакладчыкаў гучала непаўторная беларускай мова. Яна грэла душу і чамусьці засмучала яе…