Лялька — лепшая сяброўка кожнай дзяўчынкі. Менавіта дзякуючы ёй будучыя жанчыны вучацца шыць, гатаваць ежу і клапаціцца аб сваіх членах сям’і. Час ляціць хутка, і ўчарашнія дзяўчынкі забываюцца пра свае любімыя цацкі. І толькі зусім для нямногіх любімая з маленства лялька становіцца жыццёвым прызваннем.
“Мая любімая лялька” — пад такой назвай у раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці працуе гурток, а яго кіраўніком з’яўляецца Таццяна Мітрафанаўна Канановіч (НА ЗДЫМКУ). “З дзяцінства я вельмі любіла шыць, — кажа жанчына. — Мне вельмі падабалася рабіць прыгожымі свае лялькі. Для іх я шыла не толькі сукенкі, спаднічкі, фартушкі. Я прыдумвала цэлыя вобразы і цікавыя гісторыі пра іх. Мне цяжка паверыць у таямнічую сілу лёсу, але ж толькі па яго волі лялька стала не толькі спадарожніцай майго жыцця, але і прафесійным прызваннем”.
Недзе ў класе сёмым Таццяна атрымала цудоўны падарунак на дзень нараджэння. Матуля купіла дзяўчынцы ручную швейную машынку. Маці бачыла здольнасці дачушкі да шыцця, мадэліравання адзення і таму лічыла, што лепшага падарунка і прыдумаць нельга. Таццяна шмат часу праводзіла за шыццём. Сыравіну для сваіх вырабаў знаходзіла без асаблівых цяжкасцей. Гэта было старое адзенне, кускі тканіны, у ход ішлі нават прыгожыя шторы ў вялікія чырвоныя кветкі.
Пасля заканчэння дзесяці класаў пятай сярэдняй школы горада Акцюбінска (Рэспубліка Казахстан) пытанне аб выбары прафесіі ў Таццяны не ўзнікала. З вялікай сумкай у руках дзяўчына ехала ў Беларусь, на радзіму сваіх бацькоў. Без асаблівых цяжкасцей яна паступіла ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум. Незабыўнымі і шчодрымі на падзеі былі гады вучобы: цікавыя сустрэчы, знаёмствы, першае сапраўднае каханне…
Па размеркаванні Таццяна прыехала працаваць у Ганцавічы, ціхі, палескі гарадок. Яе першым працоўным месцам быў раённы камбінат бытавога абслугоўвання. Малады тэхнолаг швейных вырабаў з галавой акунулася ў работу. Але ж кожны раз, калі праходзіла каля Дома піянераў (сённяшні раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці), зачароўвалася, гледзячы на вясёлыя твары дзяцей, якія з радаснымі, шчаслівымі ўсмешкамі ішлі на заняткі ў цёплы, утульны дом. У яе сэрцы, нібыта ружа, расцвітала мара там працаваць. І мара збылася.
Па волі лёсу Таццяна стала кіраўніком гуртка “Машынапіс” пры Доме піянераў. Уменне, навыкі і сваю любоў жанчына ўкладвала ў работу. І таму сярод “бяздушных” пішучых машын заўсёды надзвычай моцна адчувалася атмасфера дабрыні і цеплыні. Але ж, як кажуць, нішто не вечнае. З’яўленне камп’ютараў зрабіла вырашальны ўплыў на існаванне гуртка. І тады пытанне “Чым займацца далей?” адразу ж вырашылася — шыццём. І не проста шыццём, а работай па стварэнні прыгожай і самай моднай лялькі ў свеце!
Каля дзясятка гадоў маленькія дзяўчынкі “гуляюць” са сваёй кіраўніцай Таццянай Мітрафанаўнай Канановіч у лялькі. Спаднічкі, сарочкі, сукенкі, галаўныя ўборы атрымліваюцца на заглядзенне! Шыццё заўсёды спалучаецца цікавымі гутаркамі: пра прыгажосць і моду, пра паводзіны ў гасцях і сярод старэйшых людзей. Кіраўніца вучыць быць ветлівымі, уважлівымі, шчырымі… Любіць і шанаваць бацькоў, прыроду, жыццё.
Праходзіць час, і дзяўчынкі, яшчэ ўчора захопленыя і ўлюбёныя ў лялькі, працягваюць сваю работу далей, але ўжо пад святлом іншай пуцяводнай зоркі — Людмілы Андрэеўны Анісімавай. Жанчына вучыць дзяўчат шыць цэлыя калекцыі касцюмаў, усе яны непаўторныя і адметныя, вылучаюцца густам і бязмежнай фантазіяй.
Утульны кабінет Таццяны Мітрафанаўны Канановіч — месца, дзе жыве казка, невялікі чароўны свет, дзе галоўная гаспадыня — лялька. Дакладней — лялькі, бо іх у кабінеце, дзе займаюцца гурткоўцы, больш за сто! І пры тым самых розных па форме і сваім прызначэнні. Гэта карункавыя лялькі-абярэгі, зернявушкі, лялькі шчасця і кахання, прыгожыя вобразы з мінулага — мужчыны і жанчыны ў бела-чырвоных нацыянальных строях. Але ж сярод вялікай колькасці цацак Таццяна Мітрафанаўна Канановіч вачамі шукае свае любімыя — лялькі-неразлучнікі, своеасаблівы сімвал вернасці, любові, адданасці і шчаслівага лёсу… Сімвалы яе ўласнага, захапляючага і поўнага працы жыцця.
Кацярына Руткоўская,
былая ўдзельніца ўзорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок”,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.