Яна Грыбоўская, Маргарыта Бараноўская і Віялета Гарадзецкая вучацца ў 5 “Б” класе гімназіі нашага горада. Дзяўчынак аб’ядноўвае не толькі вучоба. Яны любяць спяваць, рабіць сваімі рукамі самыя розныя рэчы, прыгожа танцуюць, а таксама гуляюць у валейбол. А яшчэ Яна, Маргарыта і Віялета — удзельніцы ўзорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ. Дзяўчынкі спрабуюць свае сілы ў напісанні невялічкіх замалёвак, вершаў, удзельнічаюць у паэтычных імпрэзах, творчых конкурсах.
У снежні Яна Грыбоўская і Віялета Гарадзецкая будуць прадстаўляць наш “Верасок” на абласным творчым конкурсе “Брэсцкі рупар”.
Галіна ПУПАЧ, кіраўнік узорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ.
Злева направа: Яна Грыбоўская, Маргарыта Бараноўская і Віялета Гарадзецкая.
Фота аўтара.
*****
Малітва
Я малюся Богу за здароўе маці,
Каб яна са мною шмат гадоў жыла,
Каб у нашай цёплай і ўтульнай хаце
Ахоўнікам-анёлам для ўсіх была.
Я малюся Богу за дабро і волю,
Не цяклі каб слёзы з-пад маіх павек.
Божа Усемагутны, зберажы ад болю,
І хай будзе доўгім чалавечы век.
Я малюся Богу за зямлю і неба,
За ўсмешку сонца, за рамонкаў пах.
Вы паверце, людзі, мне так мала трэба,
Каб расці шчаслівай, каб быў светлым шлях.
Віялета ГАРАДЗЕЦКАЯ.
*****
Маці
Слова першае
ў жыцці
Кажам “маці”.
Калі цяжка нам ісці —
Побач маці.
Калі холадна ў хаце —
Грэе маці.
Яе доўга мы не бачым —
Горка плачам.
Падарыла
нам жыццё —
Мы аддзячым.
Маргарыта БАРАНОЎСКАЯ.
*****
Мамачка ўсміхнецца —
Стане весялей.
Яе ўсмешка — сонца,
І нам з ёй цяплей.
Маці засумуе —
Будзе хмурным дзень,
І на яе твары
Ляжа шэры цень.
Матуля гаворыць —
Праўда ў словах тых.
Нават калі крыўдна,
Яна скажа ўслых.
Яна ГРЫБОЎСКАЯ.