Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

28.07.2015

«Савецкаму Палессю» — 70: ТЫ Ў СЭРЦЫ МАІМ, РАЁНКА!

Колькі памятаю сябе, раённая газета “Савецкае Палессе” заўсёды была ў нашым доме. Яе выпісвалі мае бацькі.   Маці чытала свежы нумар ад першай старонкі да апошняй. Бацька, не надта “заядлы чытака”,  збіраў па некалькі нумароў і  браў іх з сабою, калі адпасваў  кароў. А я ў дзяцінстве  звычайна  газету праглядала, адшукваючы на фотаздымках знаёмыя твары ды прозвішчы.  Тады  мне  здавалася, што друкавацца на старонках раёнкі вельмі пачэсна і ганарова! Час змяніў газету, вядома  ж змяніў  ён і мяне. Сёння я не толькі чытаю матэрыялы сваіх любімых аўтараў, але ж калі-нікалі і пішу для сваёй раёнкі.  Нешта атрымліваецца лепш, нешта горш.  Скажу шчыра: нялёгкая гэта работа. Толькі на першы погляд здаецца, што прасцей простага  прыдумаць тэму, сабраць словы ў сказы, выказваючы свой погляд на праблему… Іншы раз,  працуючы над матэрыялам, нават сон не ідзе, думкі блытаюцца ў галаве,  пакуль на паперу пакладзецца нешта больш менш цікавае і вартае ўвагі. Дзякуй Богу, што ў рабоце пазаштатніка (думаю, што ў мяне ёсць права ім называцца) атрымала ўрокі сапраўдных прафесіяналаў, пашчасціла  мець добрыя адносіны з людзьмі, якія па праву  — слава і гонар газеты ўчора і сёння. Гарманічнаму спалучэнню слоў, лірыцы і цеплыні заўсёды вучылася ў Марыі Дзям’янаўны Шчаўкун. Як пісаць сэрцам і душою, адчуваць адказнасць за кожнае слова,  падказвала Наталля Паўлаўна Данько. Карыстацца роднай мовай, прыкмячаць кожную памылку ў сказе, кожны недарэчны мой выраз заўсёды дапамагаў Мікалай Іосіфавіч Лойка. Прыкладам мудрасці, інтэлігентнасці і стрыманасці для мяне   быў і застаецца Іван Кузьміч Амяляшчык. Творчы ўздым, яркасць і прафесіяналізм прысутнічалі  ў матэрыялах Галіны Міхайлаўны Мазінай. А колькі добрых урокаў даў   Канстанцін Канстанцінавіч Мохар! З радасцю і хваляваннем я заўсёды пераступала кабінет гэтага чалавека. Аўтарытэтным і ў той жа час строгім ён быў для мяне.  Іншы раз Канстанцін Канстанцінавіч  адразу  даваў высокую  адзнаку прынесеным мною матэрыялам. А бывала і такое, што, чытаючы напісанае, кідаў у мой адрас:  “Галя, не ўмееш пісаць!”. А потым, на развітанне, ён  дзякаваў за работу. І яго нядаўняя крытыка адразу ж абарочвалася для мяне самай высокай  пахвалой. Перабіраючы ў памяці імёны былых і сённяшніх супрацоўнікаў раёнкі, я лаўлю сябе на думцы — усе яны для мяне, без выключэння, паважаныя  і прыязныя людзі. Зычліва глядзяць на ўсё і ўсіх вакол, хапае ў кожнага, хай гэта карэспандэнт газеты ці тэхнічны работнік, шчырасці, дабрыні і любові. Яшчэ больш замацавалася маё меркаванне ў гэтым пасля таго, як вытворчую практыку ў якасці студэнткі журфака  праходзіла ў раённай газеце мая дачка. Тут яе прынялі як родную, вучылі рупіцца над кожным словам, вывяраць кожны факт. Тут ёй дапамаглі зразумець, што журналістыка — гэта не забаўка, а сур’ёзная і адказная работа. Калі памяць  вяртае ў  той час зноў, міжволі прыгадваю Канстанціна Мохара і ў думках па-мацярынску дзякую яму. Дзякую за тое, што даў каштоўныя журналісцкія ўрокі дзяўчыне, што навучыў многаму з таго, што ведае і ўмее сам. Пасля вучобы дачка некаторы час працавала ў газеце. Несумненна, раёнка стала для Аксаны добрай школай. І зараз, калі надаецца магчымасць быць у горадзе, яна  пераведвае  супрацоўнікаў раёнкі, якія  засталіся для яе больш, чым проста былыя калегі. Шчырая, непадуладная часу газета. Яна працягвае пульсаваць у маёй паўсядзённасці. На вялікі жаль, пішу менш. Шукаю апраўданне ў недахопе часу, хаця разумею, што асноўная прычына —  гультайства. Аднак апошнім часам голасам маёй душы, сілай любімага беларускага слова з чытачамі раёнкі  гавораць мае дзеці — выхаванцы ўзорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ. Да трапяткіх  пачуццяў дзяцей, іх перажыванняў надзвычай  уважліва ставіцца цяперашні рэдактар “СП” Павел Свістуновіч. Вершы — вынік напружаных намаганняў юных паэтаў — не застаюцца па-за ўвагай  гэтага чалавека. Адразу  работы вераскоўцаў з’яўляюцца на старонках газеты, а гэта вялікі гонар і стымул для творчасці! З вышыні пражытых гадоў я ўсё больш і больш адчуваю сваю адданасць і  вернасць газеце. Усёй душою перажываю і крыўдныя словы, кінутыя ў адрас выдання і яго няўдачы. Яшчэ больш радуюся ўдалым знаходкам карэспандэнтаў, поспехам  раёнкі. І калі прачытала некалькі нумароў з матэрыяламі да юбілею выдання, не змагла стрымацца, каб не ўзяць у рукі аловак і не сказаць сваё слова пра  юбілярку і людзей, якія 70 гадоў песцяць і зберагаюць яе. З юбілеем, раёнка – вечная спадарожніца майго жыцця! З юбілеем, супрацоўнікі газеты, сённяшнія і ўчарашнія! Жывіце доўга! Заставайцеся з пяром і майце натхненне! Няхай лепшыя словы ў ваш адрас і адрас газеты стануць сапраўдным гімнам любові, прызнання і запатрабаванасці. Са святам!

Галіна ПУПАЧ, кіраўнік узорнага літаратурнага аб’яднання “Верасок” РЦДЮТ.