Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

02.09.2016

Узнёсласць фарбаў і пачуццяў

Валянціне часта сніцца адзін і той жа сон. Каляровы. Яна басанож, у доўгай квяцістай сукенцы, крочыць шырокай дарогай да вёскі Паўлаўка. Вока цешыць вясна, у небе кружаць буслы, і водар, такі непаўторны, ідзе ад росных ландышаў і лёгка-жоўтых дзьмухаўцоў. На вясковым падворку чакае маці. І брат Міша, які толькі-толькі налавіў у гразкай канаве бліскучых уюноў.

Сон для Валянціны зразумелы. Яго не трэба доўга разгадваць. Некранутыя абшары Гомельшчыны заўсёды здзіўлялі і зачароўвалі Валянціну Дзікляеву, (дзявочае прозвішча Лобан) (НА ЗДЫМКУ). Яна любіла бываць у лесе, пасядзець і падумаць ля векавых, разгалістых дубоў за вёскай, паназіраць, як лёгка і вольна кружыць матылёк. На ўлонні прыроды яна не адчувала жыццёвых цяжкасцей, не задумвалася над тым, што ў школе, як бы ні хацела, быць выдатніцай не атрымліваецца. На прыродзе яна была сама сабой.

Прыгажосць мясцовых краявідаў, спазнаная яшчэ ў раннім дзяцінстве, выклікала ў Валянціны жаданне ўзяць у рукі аловак, акварэль, белы аркуш паперы і маляваць. І маляваць не проста, а перадаючы свае пачуцці, настрой, нават характар.

Вірлівы час любові да малявання не заглушыў. Дзяўчына атрымала атэстат, трэба было рабіць выбар — быць біёлагам ці мастаком. Сяброўкі, больш прадпрымальныя, усміхаліся: “Якая ж яна дзіўная! Цікава, кім жа стане?!”

Валянціна, стала мастаком. Азы мастацкай творчасці атрымала ў сталічнай студыі выяўленчага мастацтва, затым паступіла на факультэт мастацкай графікі Віцебскага педагагічнага інстытута імя П.Машэрава. Удасканальвалася тэхніка яе работ. Знаёмствы Валянціны з цікавымі людзьмі прымушалі пастаянна працаваць. Таму, калі зноў па волі лёсу яна трапіла на Ганцаўшчыну, усё набытае спатрэбілася. Свае веды, майстэрства Валянціна Мікалаеўна пачала перадаваць дзецям, вучыць, як працаваць над малюнкам, авалодваць сучаснымі тэхнікамі жывапісу і пабудовы кампазіцыі. Працаваць так, каб адчувалася душа, каб сваёй творчасцю, нават можа і не зусім значнай, змяніць свет да лепшага.

Дарэмна насмешлівымі былі сяброўкі з далёкага юнацтва. У сваёй прафесіі, прафесіі мастака, Валянціна Дзікляева стала лепшай. У 2006 годзе жанчына стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

І хаця ў Валянціны Мікалаеўны склалася свая манера выканання, свае тэмы, яна не перастала прыслухоўвацца да людзей, якіх лічыла прафесіяналамі. З асаблівым пачуццём і сёння жанчына ўзгадвае Валянціну Шаламіцкую, былую калегу па цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, чалавека, які заўсёды падкажа, навучыць з душэўнай адкрытасцю і шчырасцю.

Сёння кабінет мастачкі, педагога Валянціны Дзікляевай упрыгожаны вялікай колькасцю яе работ. Жывапісныя палотны, у якіх захавалася тое дзіцячае здзіўленне і зачараванне прыродай, уражваюць. Белыя гарлачыкі, букет лугавых кветак у гліняным збанку, любімыя краявіды і безліч лёгкакрылых матылькоў у работах мастачкі нібыта ловяць святло яе душы, яе лёгкасць і непасрэднасць. Некаторы час Валянціна Мікалаеўна захаплялася выкананнем работ у тэхніцы “Бацік”. Жанчыне хацелася вучыць гэтаму іншых і разам з аднадумцамі ў гэтай справе ўдасканальвацца самой. Аднак такіх не знайшлося. Але ж Валянціна Мікалаеўна не падладжваецца пад іншых, нацягвае на рамку падатлівы шоўк і распісвае яго, засведчваючы тое, што мастак можа быць самым розным.

За апошнія гады творы Валянціны Дзікляевай выстаўляліся на самых розных выставах у раёне, вобласці, рэспубліцы. На яе работах позірк гледача абавязкова затрымаецца. Аднак мастачка не спыняецца і пастаянна шукае сябе. Хочацца жанчыне працаваць па-сучаснаму, думаць абстрактна, перадаючы па-новаму ўсё тыя ж эмоцыі, пачуцці, характар. Яна можа гадзінамі шукаць у інтэрнэце, разглядаць работы беларускіх, расійскіх мастакоў, выбудоўваючы сваю, уласную канцэпцыю творчасці.

“Гады ідуць, а мне так хочацца пазнаваць свет, людзей, таямніцы прыроды. Нягледзячы на ўзрост я хачу вучыцца і пры тым заставацца сабою”, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна.

А што датычыцца сноў, іх па-ранейшаму бачыць мастачка. Іншы раз жанчыне здаецца, што прарочыя, яны нібыта падказваюць, што будзе з ёю ў хуткім часе. Нядаўна ёй сніўся дом, чорна-белыя буслы і брат Міша з паўнюткім кашом мурзатых, бліскучых уюноў. Значыць, зачакалася мама. Значыць, трэба збірацца ў дарогу…

Галіна Пупач, педагог дадатковай адукацыі