Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная

Архив новостей

25.04.2018

Юные радиолюбители

Трыгер, дыёд Шотткі, біпалярнік, Сіменс, сцёк-выток-затвор, мосфет, палявік, калектар… шмат дзіўных і незразумелых для звычайнага абывацеля слоў прыходзілася чуць і аперыраваць імі ў сваіх зносінах юным “знаўцам радыёэлектронікі” Брэстчыны, што сабраліся на аднаіменны штогадовы абласны конкурс 20-21 красавіка у горадзе над Бугам. Ганцаўшчына была прадстаўлена двума камандамі, якія складаліся з хатыніцкіх вучняў, што навучаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Юны радыёаматар” пры раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці.

Разлічыць супраціўленне, дамаляваць электрычную схему мультывібратара, зняць паказанні асцылографа, адрозніць варыкап ад стабілітрона, выканаць тэставыя заданні; спаяць з набору радыёэлементаў на хуткасць, якасць і дакладнасць агучаную прымітыўную электронную прыладу – усё гэта і многае іншае давялося прайсці ўдзельнікам конкурсу.

У выніку, з 18 каманд вобласці (39 удзельнікаў), што прадстаўлялі свае рэгіёны і ўстановы адукацыі (сярод якіх і каледжы, ліцэі, абласныя і рэгіянальныя цэнтры маладзёжнай творчасці, сярэднія школы), каманда Ганцавіцкага РЦДЮТ у складзе Майсюка Аляксея і Немцава Дзяніса заняла 8 месца. Гэта добры вынік, як адзначылі і самі хлопцы, бо сапернічаць прыходзілася з тымі, хто мае магчымасць займацца ў гуртках на базе навучальных устаноў у памяшканнях, абсталяваных спецыяльна пад радыёэлектроніку – мэбля, абсталяванне, інструмент, сучасная камп’ютарная тэхніка з магчымасцю выхада ў інтэрнет.

Паміж конкурснай праграмай і спаборніцтвамі нашы “радыёаматары” мелі магчымасць пешшу ацаніць краявіды Брэста, палюбавацца горадам з вышыні кола агляду, зазірнуць за сцежкі комплекса “Брэсцкая крэпасць”…

І хоць у гэты раз дамоў вярталіся без кубкаў і дыпломаў, але нашы прадстаўнікі тэхнічнай творчасці радыёэлектроннага накірунку выказалі цвёрды намер праз год зноў, падвучыўшыся, прыняць ўдзел ў гэтым конкурсе, нягледзячы нават на тое, што арганізатарамі плануецца пашыраць конкурсную праграму, далучыўшы выкарыстанне і будаванне ланцугоў, схем і плат на камп’ютары.